Фонд рэдкiх выданняў галоўнай кнiжнай скарбнiцы краiны папоўнiлi 26 унiкальных экземпляраў
Нацыянальная бiблiятэка Беларусi атрымала каштоўны падарунак. Яе калекцыю ўзбагацiлi 26 унiкальных выданняў, у лiку якiх рукапiсныя кнiгi i старадрукi, рэдкiя карты i беларуская перыёдыка мiнулых гадоў.
— Калекцыю рарытэтных выданняў Нацыянальнай бiблiятэкi складаюць сёння каля 80 тысяч дакументаў. Яны — гонар таго кнiжнага фонду, якi ў нас маецца, i каштоўная крынiца для вывучэння культуры нашай дзяржавы, краiн i народаў свету, — адзначыў на ўрачыстай цырымонii перадачы падарунка намеснiк мiнiстра культуры Вiктар Кураш.
Дар Нацыянальная бiблiятэка Беларусi атрымала ад свайго генеральнага партнёра – кампанii «British American Тobacco», з якой супрацоўнiчае не першы год.
— Цяперашняя перадача кнiг – трэцяя па лiку. У 2004 годзе распачалася дабрачынная акцыя “Кнiжныя рарытэты – у Нацыянальную скарбнiцу”, i мы атрымалi ад нашага генеральнага партнёра 39 рэдкiх выданняў XVII—XVII стагоддзяў, а летась фонд папоўнiўся пяццю рарытэтнымi старадрукамi. Яшчэ адна наша сумесная праца ў накiрунку захавання кнiжнай культурнай спадчыны Беларусi — мультымедыйны праект, мы выдалi ў электронным выглядзе рукапiснае “Слуцкае Евангелле”, што зрабiла яго даступным для шырокага кола карыстальнiкаў, — расказаў дырэктар Нацыянальнай бiблiятэкi Раман Матульскi.
Асаблiвае месца ў новай падоранай калекцыi займаюць старажытныя рукапiсы, створаныя стараабрадцамi Беларусi ў XVIII—XIX стагоддзях, каштоўныя кнiгi другой чвэрцi XIX стагоддзя – перыяду трагiчнага ў культуры Беларусi, калi пасля паўстання 1831—1832 гадоў кнiгавыданне на яе тэрыторыi амаль прыпынiлася. Усяго бiблiятэкай атрымана 18 рэдкiх кнiг, самая стражытная з якiх датуецца 1654 годам i выпушчана ў Амстэрдаме самым старажытным у свеце выдавецкiм домам Эльзевiраў. Цiкавасць выклiкаюць i тры еўрапейскiя карты мiнулых стагоддзяў, на якiх пазначана тагачасная тэрыторыя Беларусi. Больш блiжэйшы па часе дакументальны помнiк i свайго роду погляд на ваенныя падзеi Вялiкай Айчыннай “з другога боку” — беларуская газета на лацiнiцы, якая выходзiла ў Вiльнi i выпускалася нямецкiмi акупацыйнымi ўладамi.
Пазнаёмiцца з перададзенымi галоўнай кнiжнай скарбнiцы краiны унiкальнымi помнiкамi еўрапейскай i нацыянальнай гiсторыi можна ўсiм зацiкаўленым у чытальнай зале рукапiсаў, старадрукаў i рэдкiх выданняў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi.
— Я з таго пакалення, на чыiх вачах цаглiнкi храмаў, палацаў расцягвалiся па розных мясцiнах, каб будаваць з iх у хатах печы, разбураныя ў час вайны. На вялiкi жаль, гэта адбывалася. Цяпер прыйшоў час збiраць гэтыя цаглiны, каменьчыкi i зноў узводзiць храмы, аднаўляць палацы — адным словам, узнiмаць той будынак, якi называецца культурай Беларусi, — падзялiўся думкамi пасля знаёмства з новымi набыткамi бiблiятэкi старшыня Беларускага фонду культуры Уладзiмiр Гiлеп.